Песьня магутных дубоў… Вобразы мілыя, вобразы смутныя,       Родныя вёскі і люд, Песьні цягучыя, песьні пакутныя!..       Бачу і чую вас тут.

Вячэрніе хмаркі

Сонейка заходзіць, I кладуцца цені, I плывуць хмурынкі Ў ціхім задуменьні. Белыя валокны Сонейкам заліты. Вольны ім дарогі, Сьцежкі ім адкрыты. Хмаркі залатыя! Вы — прастору дзеці, Ходзіце вы вечна Па ўсім белым сьвеце. Праплывіце ж, хмаркі, I над родным краем, Над сялянскім полем, Над зялёным гаем I заплачце, хмаркі, Дробнымі сьлязамі Над мужычай нівай, Над яго лугамі. Загрымеце громам, Стаўшы цёмнай хмурай. Толькі ж не пабеце Жыта градам, бурай. Хмаркі залатыя, Сонца, неба дзеці! Вы прывет мой шчыры Ў вёску занясеце.

Песьня няволі

Як лёгкі дым, як тонкі пар, Расталі ў небе кучы хмар. Ой, гладзь нябёс далёкая, Крыштальная, глыбокая! Як моцны гук, прызыў вясны З тваёй пачуўся вышыны! Прастор, прастор і воля там, Але ня нам яны, ня нам! Запёрты мы, прыдаўлены, I краты нам прыстаўлены. Высок, высок паркан-сьцяна, Нам песьня волі не чутна. Ня нам вясна, ня нам прастор, — Нам мур сыры, нам цесны двор. Гады ў няволі адцьвітуць… Ня плач, душа, вясну забудзь!
Вы читаете Песьні-жальбы
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату