Ломіць, як вужаку. На мель узагнала. Крык, сярдзіты голас. Порткі паскідалі, Ўсе ў вадзе па пояс. Бомы ўсе пабралі: — Рразам, хлопцы! рразам! Ну, яшчэ! Што сталі? Ну, яшчэ наляжам! Вецер загуляе — Хвойнік, лозы гнуцца. Плытнік спачывае, Як сабака ў будцы. Плытнік гнецца ў полі, Мерзьне ён у холад, Ведае нядолю, Ведае і голад. Што ж? Бядота гоніць, Толькі сілы траціш, Толькі косьці ломіць, Як хваробу схваціш. * Эх ты, доля, доля! Голад ты, галота! Не свая тут воля, Не свая ахвота.

Доля батрачкі

Маці ў службу выпраўляе Родную дзяціну, Выпраўляючы, хавае Горкую сьлязіну. — Будзь паслушная, дачушка, — Навучае матка, — Дагаджай чужым ты, служка, Ды цярпі, дзіцятка! Не адзін раз твае вочкі Заплывуць сьлязою. Твая доля цямней ночкі — Цяжка быць слугою! Бо ня ўважыць чужаніца Ручак тваіх белых, Поту выльецца крыніца З шчочак загарэлых. Ўстанеш летам раней зоркі, Пойдзеш перша ў поле… Ох, дачушка, хлеб твой горкі, Горка твая доля! Маці дочку разважае, Сябе цешыць стара, Жаль да сэрца падступае, Як чорная хмара. Вось дзяўчына ўжо гатова, Пакідае хатку. — Ну, матулька, будзь здарова! — I цалуе матку. — Ну, бывай!.. — I не ўтрывала Бедная матуля. Жаль сьлязамі ёй прарвала, Твар да дочкі туліць.
Вы читаете Песьні-жальбы
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату