Апісаць твой вобраз, Хараство, спакой — Толькі ў цябе ўнікнеш Чуткаю душой.

Месяц

Ціха месяц адзінокі Ходзіць ў небе над зямлёю. Неразгаданы, далёкі, Што ты бачыш пад сабою? Бачыш сьлёзы ты людскія, Як яны з расою льюцца, А ў тумане думкі злыя Горкім плачам аддаюцца; Як бяз волі і бяз хлеба Працавіты люд наш гнецца… Кінь ты жальбу нашу ў неба — Няхай неба ўскалыхнецца!

Хмары

Ціха калосься, схіліўшы галовы       Шэўчуць у межах палёў; Толькі ж ня слухае неба іх мовы —       Жальбы ржаных калосоў. Сіняе небо ўсё сонцэм заліто;       Полудзень, вар, цішына. Дожджыка просіць зялёнае жыто,       Хочэ дажджу ярына. Вот із-за леса далёка, далёка       Хмарка на небо узыйшла; Цёмная хмарка адна-адзінока       Вышэй і вышэй паплыла. Ніва заціхла, замерла; здаецца,       Не скалыхнецца яна; Змучэны колас ані пахінецца,       Поўна надзей цішына. Думае ніва: «Дожджык пакропіць,       Смагу прагоніць палёў, Цёмная хмарка краем хоць чэпіць       Дзетак яе — каласоў». Бедная ніва, знаць, Богам забыта —       Дарма надзея была: Спаленай нівы жаданьне нязбыто —       Міма хмурынка прайшла.

Вецер

Ой ты, вецер неспакойны! Дзьмеш ты безустанку, Адну песьню нам сьпяваеш, Адну баеш байку. То заплачаш сіратою Над убогай хатай; То застогнеш, як над нівай Селянін-араты; То засьвішчаш за вугламі, Жалем разальесься; То сярдзіта ў дзьверы стукнеш, Злосна засьмяесься… Ой ты, вецер неспакойны, Ты мой брат па долі! Раскідаем сьмех і сьлёзы Мы у чыстым полі.
Вы читаете Песьні-жальбы
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату